У продажы знайшоўся чабурэк ад беларускага брэнда «Мар'іна» з нечаканым інгрэдыентам. Як вынікае з назвы, у начынцы ў яго курыца, аднак у складзе значыцца свініна, піша «Віртуальны Брэст».
Жыхар Брэста, які аддае перавагу ў рацыёне выключна курынаму мясу, выявіў у краме замарожаны чабурэк ад брэнда «Мар'іна», прадукт называецца «Кураня бройлера». Аднак пасля ўважлівага вывучэння складу на адваротным баку ўпакоўкі высветлілася, што акрамя курыцы ў начынцы ёсць і свініна.
Пра гэта гаворыцца наўпрост і без зносак, то-бок фармальна вытворца нічога не парушыў. Аднак такая маркіроўка можа ўвесці ў зман спажыўцоў, лічыць выданне.
«Такія дробязі часта застаюцца незаўважанымі — пакуль нехта не пачне чытаць дробны шрыфт. А для кагосьці гэта пытанне прынцыпу, рэлігійных перакананняў ці банальных смакавых пераваг», — падкрэсліў аўтар.