Для большасці беларусаў у эміграцыі краіны Цэнтральнай Азіі, з якімі афіцыйны Мінск падтрымлівае добрыя стасункі, выглядаюць як забароненыя тэрыторыі. Аб’яднаны пераходны кабінет лічыць іх небяспечнымі для беларускіх падарожнікаў з-за рызыкі выдачы ўладам Беларусі. Але падарожнік з Салігорска Аляксандр Гойшык на сваім шляху не мог абмінуць Узбекістан — іначай кругасветка была б няпоўнай. У сваіх нататках ён распавядае, як гэтая краіна апошнім часам зрабіла не адзін крок наперад (асабліва ў параўнанні з суседнім Афганістанам, дзе кіруюць талібы).

Як я перанёсся ў машыне часу на 200 гадоў наперад
Атрымаўшы выязную пячатку з Афганістана, я ўздыхнуў з палёгкай — гэтыя бясконцыя праверкі насамрэч стамляюць. Наперадзе — Узбекістан! Але радасць была заўчаснай: хутка высветлілася, што наперадзе мяне чакае яшчэ адзін, апошні, блокпост талібаў.
Мяжа паміж краінамі пралягае па рацэ Амудар’я, праз славуты «Мост сяброўства», па якім у свой час адбываўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Гэта стратэгічны аб’ект, і пераходзіць яго пешшу нельга, таму працэдура перасячэння мяжы тут даволі спецыфічная.
Спачатку сядаеш у калектыўнае таксі на афганскім баку і даязджаеш роўна да сярэдзіны маста. Там — яшчэ адна праверка талібаў. Далей у маленькай будцы ўжо ўзбекскія памежнікі правяраюць твае дакументы і заплечнік. Потым застаецца толькі чакаць маршрутку — знакаміты ўзбекскі міні-мікрааўтобус Damas, які давозіць да канца маста.
На КПП мяне чакаў дэталёвы дагляд: заглядалі літаральна ў кожную кішэню. Я быў гатовы да гэтага — чытаў пра падобнае на форумах. Трэба аддаць належнае: усё праходзіла ветліва і карэктна. Палова змены мытнікаў нават сабралася паслухаць пра мае прыгоды.
І вось я нарэшце ступіў на гасцінную ўзбекскую зямлю. Я ўжо бываў у гэтай краіне тройчы: у 2010, 2013 і 2015 гадах. Успаміны пра мясцовых людзей захаваліся вельмі цёплыя: гасцінныя, адкрытыя, добразычлівыя. Праўда, уражанні ад кантакту з тагачаснай дзяржаўнай сістэмай былі зусім адваротныя: частыя праверкі паліцыяй, якая нярэдка вымагала хабар, былі амаль што звыклымі.
Але зараз яшчэ на мяжы было бачна, як моцна змянілася краіна з часоў майго першага візіту — агромністы крок наперад, проста неба і зямля! А ў параўнанні з Афганістанам — дык і зусім, нібы перасёк не толькі мяжу, але і перанёсся ў часе гадоў на 200 наперад.

Калі ў 2016 годзе памёр Іслам Карымаў — аўтарытарны першы прэзідэнт Узбекістана, які кіраваў краінай 25 гадоў, — новае кіраўніцтва абвясціла курс на дэмакратызацыю, адкрытасць свету і развіццё турызму. І гэта сапраўды адчуваецца. Спадзяюся, што і Беларусь калі-небудзь пойдзе гэтым шляхам.
Прама каля КПП кіроўца першай жа маршруткі, пачуўшы, што ў мяне няма мясцовых грошай, без ваганняў прапанаваў:
— Сядай, ніякіх праблемаў! Ты наш госць!
Узровень гасціннасці ўразіў — і я адразу ўспомніў, што менавіта гэта так кранула мяне падчас мінулых візітаў. Уся маршрутка пачала распытваць пра мае падарожжы: куды, навошта, чаму. Хтосьці нават прапанаваў:
— Заставайся, знойдзем табе жонку-ўзбечку, і будзеш жыць як султан!
Усе засмяяліся. І сапраўды, калі няма моўнага бар’ера, адразу ўзнікае нейкае адчуванне супольнасці, блізкасці.
Настальгія па радзіме і «Санта-Брэмар»
На чыгуначным вакзале памежнага Тэрмеза я купіў білет да Бухары — там мяне ўжо чакаў мой стары сябар Эркін. Мы пазнаёміліся праз Couchsurfing (платформа, на якой можна знайсці альбо прапанаваць жыллё для падарожнікаў. — Заўв. рэд.). Ён прымаў мяне ў сябе двойчы: у 2013 годзе, калі я накіроўваўся ў Іран, і ў 2015-м, калі мой шлях вёў у Кітай. Гэта быў той рэдкі выпадак, калі з першых хвілін адчуваеш: быццам сустрэўся са старым сябрам. Мы моцна зблізіліся, ён стаў мне амаль як брат і нават запрашаў на сваё вяселле.
На жаль, праз некалькі гадоў мы страцілі сувязь. Ягоныя сацсеткі сталі неактыўнымі, і я не ведаў, што з ім. Але вырашыў зрабіць «ход канём» — напісаў ягоным сябрам, якія пакідалі каментары на яго старонках. Маўляў, я беларускі падарожнік Саша Гойшык, блізкі сябар Эркіна — калі можаце, перадайце яму, што я шукаю кантакт. І вуаля — праз некалькі дзён ён адгукнуўся і запрасіў у госці! Гэта было неверагодна прыемна.

Білет да Бухары можна было набыць карткай, на вакзале працаваў Wi-Fi — дробязі, але вельмі прыемныя. Я пакінуў заплечнік у камеры захоўвання, выйшаў у горад абмяняць грошы і падключыць сім-карту. У першым жа кіёску без праблем падключыўся да мабільнай сувязі і звязаўся з Эркінам. Усё вельмі проста і звыкла.
У супермаркеце я накупіў звычайных прадуктаў, па якіх так сумаваў: нармальны хлеб, каўбаса, сыр… І, што было асабліва прыемна, — беларускія сыркі і згушчонка! Тут вельмі шмат прадуктаў з Беларусі, перш за ўсё малочка. І паўсюдны «Санта-Брэмар». З гэтымі скарбамі я зрабіў сабе сапраўдны пікнік у парку — не толькі для страўніка, але і для душы. Парк, як і ўвесь горад, літаральна патанаў у зеляніне — гэта вельмі кідалася ў вочы на кантрасце з афганскімі мястэчкамі, якія патаналі ў пыле. Часта можна было бачыць закаханыя парачкі, якія прагульваліся вулачкамі Тэрмеза, і дзяўчат з непакрытаю галавою ў міні-спадніцах. Такое проста немагчыма ўявіць у суседнім Афганістане.
Мясцовыя расказалі мне цікавую гісторыю. Аказваецца, паміж Тэрмезам і прыгранічным афганскім Мазары-Шарыфам дзейнічае нешта накшталт малога памежнага руху: бізнесоўцы з Афганістана могуць прыязджаць сюды па спрошчанай схеме для гандлю і закупу тавараў. І вось, паводле чутак, прадстаўнікі «Талібана» звярталіся да ўзбекскіх улад з просьбай выключыць музыку ў гандлёвых цэнтрах — маўляў, гэта абражае рэлігійныя пачуцці афганцаў. Парадокс у тым, што ўзбекі — таксама мусульмане, але для іх музыка — звыклая частка жыцця, якая нікога не абражае.

Дарэчы, перасякаючы мяжу, я напісаў у суполку падарожнікаў па Афганістане, што маю мясцовую сім-карту, якая яшчэ дзесяць дзён будзе актыўнай. На ёй засталіся нейкія грошы і некалькі гігабайтаў трафіку. Я ведаю, наколькі цяжка падключыць сувязь у гэтай краіне, таму прапанаваў яе бясплатна каму-небудзь, хто, магчыма, цяпер у Тэрмезе. Праз некалькі гадзін мне напісаў хлопец з Сінгапура, які вандруе па Азіі на матацыкле. Літаральна перад самым адпраўленнем майго цягніка ён паспеў падскочыць на вакзал, і я перадаў яму картку. Ён быў вельмі ўдзячны, і гэта яшчэ раз нагадала мне, якой важнай бывае салідарнасць і ўзаемадапамога сярод падарожнікаў. Сёння дапамог я — заўтра хтосьці дапаможа мне.
Чыгуначны рай і прыгажун Самарканд
Начны цягнік да Бухары аказаўся на дзіва камфортным. Звычайная постсавецкая класіка: плацкартны вагон, бакавое верхняе месца, чыстая бялізна, гігіенічны набор — усё як у найлепшых дамах культуры! Я нават не адразу паверыў, што мне гэта не сніцца — усё здавалася сапраўдным раем на рэйках. Асабліва пасля кітайскіх цягнікоў, дзе спіш паміж двух галаўных убораў сваіх суседзяў, а ў прыбіральню трэба хадзіць са спецыяльнай падрыхтоўкай.
Па вагоне хадзілі прадаўцы прысмакаў, праваднік разносіў чай. Панавала асаблівая цэнтральнаазіяцкая атмасфера, дзе кожны трэці гатовы падзяліцца з табой ежай, гісторыяй жыцця і парадай, як лепей гатаваць плоў. І што найбольш уразіла — упершыню за доўгія месяцы, а можа і гады вандровак я адчуў сябе амаль што як дома. Так, як бывае ў падарожніка: замест кухні — тэрмас, замест ложка — плацкартнае шчасце.






Уранні мы прыбылі ў Самарканд — адзін з галоўных турыстычных гарадоў Узбекістана. У мяне была перасадка: шэсць гадзін да наступнага цягніка ў Бухару. Доўга не думаючы, я пакінуў заплечнік у камеры захоўвання на вакзале і выправіўся на шпацыр па горадзе.
У Самарканд я прыехаў ужо трэці раз, і ўсё роўна не мог не захапляцца тым, як моцна ён змяняецца. Горад, дзе мінулае і сучаснасць пераплятаюцца, як мазаіка на сценах будынкаў Рэгістана — галоўнай старажытнай плошчы. Усё развіваецца, турызм расце, інфраструктура становіцца ўсё больш зручнай. Прыгажун Рэгістан, старыя мячэці і медрэсэ (ісламскія семінарыі), вузкія вулачкі — гэта ўсё выглядае сапраўды неверагодна.
Я быў у шчырым захапленні. Усё пад рукой: інтэрнэт ловіць без праблем, расклады грамадскага транспарту, маршруты — усё можна знайсці праз «Яндэкс.Карты», таксі каштуе капейкі. За апошнія два месяцы ў Пакістане і Афганістане я ўжо паспеў забыць, што гэта такое, далібог. Нават гранатавы сок прадаюць, мой любімы афганскі напой — праўда, у тры разы даражэй, чым там. Але што ўжо тут казаць — у такой атмасферы нават сок здаецца смачнейшым.

Вярнуўся на вакзал, забраў свой багаж — і прыгнуў на хуткасны цягнік «Афрасіаб», узбекскі гонар на рэйках! Праз дзве гадзіны я ўжо быў у Бухары, дзе мяне чакаў мой стары сябра, якога не бачыў амаль дзесяць гадоў. Сустрэча атрымалася вельмі цёплая — нібыта сустрэў роднага брата пасля доўгай разлукі. Як таго патрабуюць традыцыі гасціннасці ва Узбекістане, Эркін (для мяне проста Эрык) адразу ж завёз мяне на рынак, набраў прадуктаў і прыгатаваў сапраўдны святочны плоў. Мы сядзелі доўга, гутарылі, успаміналі, смяяліся — словамі не перадаць, наколькі гэта было прыемна.
Сяброўства праз гады і ўзор сярэднеазіяцкай гасціннасці
Мой сябра — этнічны таджык, мясцовы бухарэц. Сярэднявечнае Бухарскае ханства было своеасаблівым правобразам узбецкай дзяржаўнасці, як, скажам, Полацкае княства для Беларусі. Для большасці насельніцтва як Бухары, так і Самарканда роднай з’яўляецца таджыкская мова, але ўсе яны лічаць сябе ўзбекістанцамі. Апроч таджыкскай, Эркін свабодна валодае рускай, узбекскай і англійскай. Крыху як Google Translate — толькі жывы і з душой.
Ён таксама дапамог мне зрабіць часовую рэгістрацыю — гэты постсавецкі перажытак яшчэ жыве ва Узбекістане (як і ў Беларусі) і вымагае ўвагі падарожнікаў. Вельмі важна пра гэта памятаць, калі вы зберацеся ў вандроўку па гэтай фантастычнай краіне. За тры гады ў падарожжы я нідзе больш з такім маразмам не сутыкаўся. Праўда, цяпер усё гэта робіцца зусім проста: у пашпартным стале літаральна за паўгадзіны ўсё было гатова — аплата карткай, электронны білет, ніякіх чэргаў, «рашалаў» і хабара начальству. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як Узбекістан упэўнена рухаецца наперад — да адкрытасці, эфектыўнасці і павагі да сваіх гасцей.

А вось у далёкім 2010 годзе, падчас маёй першай вандроўкі, усё было значна складаней. Калі мы не змаглі атрымаць рэгістрацыю самастойна, проста выйшлі на вуліцу ў правінцыйным горадзе Нукусе і пачалі пытацца мінакоў: «Што нам цяпер рабіць?» Нас спыталі: «Адкуль вы?» — «З Беларусі». — «Пачакайце хвілінку». Мужчына пачаў некуды тэлефанаваць, і ўжо праз тры хвіліны за намі прыехала нейкая службовая машына. А яшчэ праз пяць — мы сядзелі ў кабінеце Ліліі Лагазідзэ.
Лілія Іванаўна — беларуская настаўніца, якая прыехала ва Узбекістан па размеркаванні з Полаччыны, выйшла тут замуж і палюбіла гэтую краіну як сваю другую радзіму. У 1990-я яна заснавала ўнікальны адукацыйны цэнтр «Прагрэс» — адну з найлепшых навучальных устаноў незалежнага Узбекістана.
Нават яна з усімі сваімі сувязямі не змагла адразу вырашыць нашу праблему з рэгістрацыяй. Калі ж пачула ад нас беларускую мову, з якой не мела жывога кантакту ўжо больш за дваццаць гадоў, літаральна расплакалася. І настаяла, каб мы засталіся ў яе на выхадныя: «Да панядзелка нешта прыдумаем». І сапраўды — выхад знайшоўся, хоць і не без «дапамогі на лапу». Мне здаецца, у той час ва Узбекістане інакш было немагчыма.
Але ж кожная паслядоўнасць падзеяў з’яўляецца правільнай. Гэтым правілам падарожнага дзэн-будызма я заўжды кіруюся ў жыцці. Менавіта праз бюракратычную перашкоду я сустрэўся з такой светлай беларускай душой далёка ад дому. Тады і пачалася мая асабістая місія: шукаць беларусаў па ўсім свеце. Да Ліліі Іванаўны я вяртаўся і пазней — у 2013-м і 2015-м. Тады яна ўжо была цяжка хворая і перабралася жыць у прыгарад Ташкента, але працягвала кіраваць «Прагрэсам» дыстанцыйна. Пяць гадоў таму яе не стала. Светлая памяць.



Яшчэ больш беларускага акцэнта
Я трапіў у Бухару ў святочны час — у Эрыка быў дзень народзінаў, і вечарына не спынялася. За сталом я знаёміўся з яго сябрамі, і размовы хутка пераходзілі на палітычныя тэмы: вайна, расійскае ўварванне ва Украіну. На жаль, абсалютная большасць мясцовых падтрымлівала расійскую агрэсію або ставілася да яе з разуменнем. Я не маўчаў і не мог маўчаць, а мая адкрытая праўкраінская пазіцыя выклікала асцярожнасць і нават напружанасць. Добра, што Эрык таксама падтрымлівае Украіну і займае выразна антыпуцінскую пазіцыю. Нездарма ж значэнне імя «Эркін» — свабодны. Нашы дыскусіі былі гарачымі, але гэта быў важны досвед — чуць і адстойваць свае перакананні нават там, дзе з табою могуць не пагадзіцца.
Мы таксама ездзілі глядзець стары горад Бухары. Гэта сапраўдны цуд архітэктуры: адноўленыя крэпасці, прыгожыя мячэці і вузкія вулачкі, якія захоўваюць дух мінулага. Уражанне было моцнае, асабліва на фоне таго, наколькі змянілася краіна — усё стала прасцей, утульней, нават наўпрост еўрапейскае па адчуваннях. Нават як толькі набліжаешся да краю дарогі, аўтамабілі спыняюцца, каб прапусціць цябе! Пасля Пакістана гэта ўвогуле шок — я ўжо і забыўся, што так можа быць.
Я правёў у Эрыка паўтары тыдні, каб адпачыць пасля насычанага падарожжа, асабліва па Афганістане, дзе бясконцыя правілы і пастаянныя праверкі моцна вымотваюць. Тут жа — спакой і парадак, нарэшце можна выдыхнуць з палёгкай.
Ва Узбекістане знайсці інтэрнэт-клуб не было праблемай, таму спакойна пісаў чарговыя серыі сваіх дарожных нататак. А не як у Карачы (горад у Пакістане. — Заўв. рэд.). Там даводзілася бегаць па горадзе ў пошуках кавярні, дзе можна папрацаваць.

Пазней вырашыў заняцца рамонтам сваіх трэкінгавых ботаў, знайшоў бліжэйшую майстэрню, прынёс абутак і пытаюся ў майстра: «Колькі будзе каштаваць?» Ён усміхаецца і адказвае: «Адкуль, брат? Ого, з Беларусі! Ты наш госць, плаці, колькі лічыш патрэбным. Не хвалюйся».
Пажылы майстар, відаць, усё жыццё прысвяціў сваёй справе. На сцяне вісеў плакат БССР-1980 з Брэсцкай крэпасцю — напэўна, рэліквія нейкай былой экскурсіі. Ён расказаў, што некалі быў у Беларусі, добра ведае беларусаў, мае вельмі цёплыя ўспаміны пра нашу краіну. Распавядаў пра 90-я, калі яны гналі машыны з Германіі праз Беларусь, цікавіўся цяперашнімі коштамі замежных аўтамабіляў у нас. Калі ж ён пачаў па інерцыі нахвальваць «бацьку», прыйшлося яго перарваць. Далібог, ніколі б не падумаў, што ва Узбекістане будзе больш свабоды і дэмакратыі, чым у Беларусі.
На развітанне з Бухарой я прыгатаваў для Эрыка дранікі з мачанкаю — прыйшла чарга яму захапляцца беларускімі смакамі. Пасля мы разам ехалі ў сталіцу начным цягніком — білеты купляюцца ў два клікі праз інтэрнэт.
Падарожжа ў цягніку было асаблівым. У нашым купэ ехала маладая сям’я з двума дзецьмі: адно з іх было яшчэ зусім немаўляткам. У іх былі верхнія месцы, у нас — ніжнія. Я прапанаваў маме памяняцца, каб яна магла ехаць разам з маленькім дзіцем знізу. Яны былі вельмі ўдзячныя. А потым я чуў, як гэтая жанчына спявала старэйшай дачушцы калыханку на казахскай мове. Гэта быў вельмі душэўны момант, які застаўся ў памяці надоўга.
Ташкент і вуліца Якуба Коласа
У Ташкенце мяне ўжо чакаў наш беларус — мой стары сябар Ваня з Мінска, які ўжо больш за 15 гадоў жыве ў Цэнтральнай Азіі. Ён працуе ў банкаўскай сферы: раней — у Казахстане, цяпер — ва Узбекістане. Мы знаёмыя даўно, я некалі спыняўся ў яго ў Алматы па дарозе з Тайланда дадому. Цяпер ён гасцінна прымаў мяне ў сябе ў Ташкенце. Беларусы ўсіх краін — яднаймася! Дарэчы, Ваня жыве ў цэнтры горада, недалёка ад сквера і вуліцы Якуба Коласа.

Я не ўпершыню быў у Ташкенце, таму асабліва не аглядаў горад. Але адразу відаць, наколькі ён змяніўся, як шмат турыстаў, дарагіх рэстаранаў, як хутка краіна рванула наперад. Памятаеце, я вышэй пісаў, што ў сучасным Узбекістане рэальнай дэмакратыі больш, чым у Беларусі? Вось акурат мне выпала ў гэтым пераканацца чарговы раз. Аказалася, што мае знаёмыя беларускія журналісты з Варшавы, якім забаронены ўезд у Беларусь (як і мне), якраз збіраюцца на журналісцкі форум у Ташкенце (адзначым, што Узбекістан падтрымлівае добрыя стасункі з беларускай уладай, а таксама мае з нашай краінай дамоўленасці наконт экстрадыцыі. — Заўв. рэд.).

Але ўсё ж ёсць нюансы — краіна яшчэ не цалкам адладжаная. Мой вылет у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты прыпадаў на дзень пазней за заканчэнне рэгістрацыі ў пашпартным стале Бухары. Спачатку думаў, што гэта не праблема — скажу, што начным цягніком дабіраўся да сталіцы. Але мяне настойліва пераканалі не рызыкаваць. Параілі заплаціць за ноч у хостэле і афіцыйна зарэгістравацца, бо сапраўды могуць узнікнуць праблемы. Расказвалі гісторыі, калі людзей здымалі з рэйсаў, даводзілася плаціць вялікія штрафы ці «адкупляцца». Краіна змяняецца, але яшчэ не да канца.
Дарэчы, з Ташкента ў Абу-Дабі лятае лоўкост Wizzair, а мой білет каштаваў усяго каля 150 долараў разам з багажом. Для такога маршруту — вельмі танна. І вось я ўжо ў самалёце, што ляціць у Эміраты — да сустрэчы, Узбекістан! Гэта было сапраўды крута, як заўжды.
Гэтая паездка стала для мяне не проста чарговым этапам кругасветнага падарожжа. Гэта быў урок гасціннасці, сустрэча са старымі сябрамі і адкрыццё новага аблічча краіны, якая імкліва змяняецца. Тут, у сэрцы Цэнтральнай Азіі, я зноў адчуў, што сапраўднае падарожжа — гэта не толькі новыя месцы, але ў першую чаргу людзі і іх гісторыі. Узбекістан даў мне значна больш, чым проста прыгоды і ўражанні, — ён пацвердзіў, што свет вялікі, але шчырасць і сяброўства — агульныя для ўсіх моў і народаў. І гэта, напэўна, галоўнае, што я нясу з сабою далей.