Прарасійская актывістка Вольга Бондарава ў сваім тэлеграм-канале адказала на выказванні прапагандыстаў Азаронка і Пуставога, якія раскрытыкавалі беларусаў за скаргі на бульбу ў крамах: на яе думку, яны прадэманстравалі «грэблівае стаўленне» да людзей. Што ж да сітуацыі з бульбай, то «паляпшэнні відавочныя», лічыць Бондарава.
Прапагандыстка адрапартавала, што напярэдадні зазірнула ў краму Green у Гродне і звярнула ўвагу на якасць бульбы.
— Сябры, не ведаю, як у Мінску і іншых рэгіёнах, але ў нас пасля працы МАРГ не толькі цана знізілася, але і клубні пачалі прадаваць буйнейшыя, не пасечаныя і не пазелянелыя. Карацей, паляпшэнні відавочныя, — паведаміла яна.
Таксама Бондарава пракаментавала выказваннні прапагандыста Рыгора Азаронка і дэпутата Яўгена Пуставога пра сітуацыю з бульбай у эфіры СТБ. Нагадаем, першы раскрытыкаваў беларусаў, якія «скуголяць» і «стогнуць» з нагоды гародніны, і назваў іх прэтэнзіі «ганьбішчам». Другі заявіў, што «нацыя пераможцаў не скуголіць па колькасці бульбы» і «трэба каштоўнасці ставіць на свае месцы».
Іх рыторыка абурыла нават Бондараву, якая сама рэдка выбірае словы, нападаючы на апанентаў. Яна нагадала, што «ёсць нормы журналістыкі і нормы дэпутацкай этыкі» і «пра іх варта памятаць у публічных выступах».
— Кажучы «Задзяўблі ўжо сваёй бульбай», «Ды хоць па 20 рублёў», вы, паважаныя, паказваеце сваё грэблівае стаўленне да людзей, якія агучылі праблему, наяўнасць якой пацвердзіла спачатку камісія прафсаюзаў, а потым МАРГ. І не купіць народ бульбу па 20 рублёў, калі толькі ён не працуе вядоўцам на СТБ, бо няма ў людзей такіх даходаў, — заявіла актывістка.
На яе думку, «журналіст-прафесіянал мог бы без эмоцый асвятліць пытанне, якое хвалюе грамадзян. З фактурай, а не абразамі ў адрас тых, хто пытае».
— Хіба складана выкласці фоткі з крамы да і пасля? — прапанавала Бондарава.
Нагадаем, беларусы вось ужо некалькі месяцаў скардзяцца на якасць бульбы ў крамах і яе цэны. Пачаліся праблемы ў лютым (хоць чыноўнікі сцвярджаюць іншае). Мінсельгасхарч і МАРГ настойваюць, што ў крамах бульба ёсць і «турбавацца наконт якасці прадукту не варта». Аднак у сваіх кабінетах праблему абмяркоўваюць на самым высокім узроўні. Між тым беларусы пачалі скардзіцца на якасць і кошт бульбы ў TikTok, у тым ліку звяртаючыся да Лукашэнкі.
Чытайце таксама