У Службе бяспекі Украіны агучылі вынікі спецаперацыі «Павуціна», у выніку якой былі атакаваныя чатыры вайсковыя аэрадромы ў глыбокім расійскім тыле.

«Служба бяспекі Украіны правяла беспрэцэдэнтную і ўнікальную спецаперацыю па адначасовым паражэнні чатырох вайсковых аэрадромаў у тыле Расіі, дзе дыслакуецца варожая авіяцыя.
У выніку ўдараў дронамі быў пабіты 41 самалёт, сярод якіх — А-50, Ту-95, Ту-22 М3 і Ту-160», — паведамляе прэс-служба СБУ.
Яна таксама прыводзіць словы генерала Васіля Малюка, які ўзначальвае спецслужбу, пра тое, што задачу знішчыць расійскія бамбавікі паставіў прэзідэнт і галоўнакамандуючы Уладзімір Зяленскі і ён асабіста кантраляваў ход спецаперацыі. Падрыхтоўка да яе ішла больш за паўтара года. У выніку дроны СБУ адпрацавалі цэлі адразу на чатырох вайсковых аэрадромах Расіі — Белая, Дзягілева, Аленевая і Іванава.
«Агулам гаворка ідзе пра паражэнне 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет на асноўных аэрадромах базавання Расіі. Прыкладны кошт пабітай стратэгічнай авіяцыі ворага дасягае больш за 7 млрд даляраў ЗША», — так у СБУ ацанілі нанесеную расійскай вайсковай авіяцыі шкоду.
Паводле Васіля Малюка, спецаперацыя «Павуціна» праходзіла адначасова ў трох гадзінных паясах і была звышскладанай з лагістычнага пункту гледжання.
Так, спачатку СБУ пераправіла ў Расію fpv-дроны, а пасля — мабільныя драўляныя дамкі. Ужо на тэрыторыі Расіі дроны былі схаваныя пад дахі дамкоў, размешчаныя на грузавых аўто.
«Паводле законаў і звычаяў вайны, мы адпрацавалі абсалютна законныя цэлі — вайсковыя аэрадромы і авіяцыю, якая бамбіць нашыя мірныя гарады. Таму з нашага боку адбываецца рэальная дэмілітарызацыя Расіі, бо мы знішчаем менавіта вайсковыя цэлі», — заявіў Малюк.
Ён падзякаваў усім, хто быў задзейнічаны ў спецаперацыі, падкрэсліўшы, што ўсе яе ўдзельнікі ўжо даўно ва Украіне.
«Вораг думаў, што можа беспакарана бамбіць Украіну і забіваць украінцаў. Але гэта не так. Мы будзем адказваць на расійскі тэрор і знішчаць ворага усюды — на моры, у паветры і на зямлі», — дадаў кіраўнік СБУ.
Афіцыйных звестак пра страты расійскае Мінабароны не агучвала. Там толькі напярэдадні пацвердзілі атаку на вайсковыя аэрадромы.
Спецаперацыя СБУ «Павуціна»
Нагадаем, 1 чэрвеня ў расійскім тыле беспілотнікі атакавалі вайсковыя аэрадромы. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што гэта была спецаперацыя Службы бяспекі Украіны, якую распрацоўвалі больш за паўтара года. Ён назваў яе ўнікальнай.
«Самае цікавае — і ўжо цяпер можна казаць публічна — „офіс“ нашай аперацыі на тэрыторыі Расіі знаходзіўся проста побач з упраўленнем ФСБ Расіі ў адной з іх абласцей», — расказаў ён у вечаровым звароце.
Паводле Зяленскага, усяго ў аперацыі выкарысталі 117 дронаў. Украінскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах паведамілі, што аперацыя атрымала назву «Павуціна». Беспілотнікі даставілі ў РФ кантрабандай.