Аварыя са смяротным вынікам здарылася каля дзевяці гадзін раніцы 6 лютага ў вёсцы Манчыцы Свіслацкага раёна, паведамілі ў ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Аўтамабіль Audi, за рулём якога была 56-гадовая жанчына, ехаў вёскай. На скругленні дарогі, побач з домам, кіроўца не ўлічыла дарожныя ўмовы і ўмовы надвор’я, у выніку чаго не справілася з кіраваннем і выехала на сустрэчную паласу. Там аўто лоб у лоб сутыкнулася з сустрэчным аўтобусам МАЗ, якім кіраваў 44-гадовы мужчына.
«У выніку ДТЗ 56-гадовая кіроўца аўтамабіля Audi ад атрыманых траўмаў памерла на месцы. Пасажырку Audi, якая знаходзілася на пярэднім сядзенні, з цяжкімі траўмамі даставілі ў бальніцу», — расказалі падрабязнасці ў ДАІ.
Там адзначылі, што ні загінулая, ні яе пасажырка не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.