Падчас сайд-івэнту Беларусі ў межах саміту NATO, які праходзіць у Вільнюсе, Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, у якой заклікала ўдзельнікаў Альянсу памятаць пра нашую краіну і не дапусціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам для Пуціна». Пазней яна пагаварыла з журналістамі і расказала, як партнёры дэмсіл рэагуюць на сітуацыю з ядзернай зброяй у нашай краіне і што цяпер з яе мужам — Сяргеем Ціханоўскім. Сабралі асноўныя цытаты.
Пра чаканні ад саміту
— Чакаю, што Беларусь будзе ўключаная ў новую архітэктуру бяспекі NATO. Беларусь цяпер не чалец NATO, і яе не ўлічваюць. Без свабоднай дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспекі ў рэгіёне. Таму калі вы прадумваеце гэты план бяспекі на будучыню, Беларусь абавязкова павінная быць там.
Не трэба чакаць пераменаў. Мы можам пачаць супрацоўніцтва паміж NATO і дэмакратычнай Беларуссю ўжо цяпер — у межах праграмы «Партнёрства ў імя міру». Так мы зможам пабудаваць узаемны давер і трывалую аснову для будучага супрацоўніцтва.
Мы таксама можам стварыць кансультацыйную групу паміж NATO і дэмакратычнымі сіламі, як гэта ўжо зроблена з Еўрасаюзам. Група можа стаць платформай для абмену ідэямі і выпрацоўкі сумесных стратэгій.
Пра гарантыі для Беларусі
— Мы хочам, каб нашыя заходнія партнёры выразна заявілі: будуць міжнародныя гарантыі незалежнасці Беларусі, яе бяз’ядзернага статусу, яе будучай інтэграцыі ў еўрапейскія і трансатлантычныя структуры. Пасляваенны лад у будучыні абавязкова мусіць уключаць гэтыя элементы.
Нельга баяцца супрацьстаяць расійскім інтарэсам у нашым рэгіёне. Менавіта Расія выбрала шлях канфрантацыі. Нельга дапусціць, каб праз пуцінскую Расію беларускі народ не мог выбраць еўрапейскі шлях развіцця.
Калі беларускія дэмакратычныя сілы прыйдуць да ўлады, канстытуцыйны парадак будзе адноўлены. Беларусь дэнансуе ўсе дамовы, падпісаныя нелегітымным дыктатарам з 2020 года. Мы выйдзем з АДКБ, з Саюзнай дзяржавы з Расіяй, з Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы не павінныя знаходзіцца ў ваенна-палітычным саюзе з агрэсарам, які разбурае суверэнітэт сваіх суседзяў і не паважае іх нацыянальную ідэнтычнасць.
Беларусь не павінная пакутаваць ад дзеянняў Крамля і быць пагрозай Еўропе. Яна павінная быць донарам бяспекі і міру. Мы адновім добрыя адносіны з усімі суседзямі, асабліва з Украінай. Мы прадэманструем нашую прыхільнасць трансатлантычным каштоўнасцям не толькі на словах, але і на справе.
Пра рэакцыю на размяшчэнне ядзернай зброі
— Што да ядзернай зброі, то мы не пачулі нейкай моцнай рэакцыі з боку нашых саюзнікаў, бо для іх, калі гэтая зброя паляціць, няма вялікага значэння, адкуль гэта будзе — з Мінска ці з Санкт-Пецярбурга. Але для нас, беларусаў, гэта важна. І я ім тлумачу: глядзіце на гэтую праблему з пункту гледжання беларусаў, што калі гэтая ядзерная зброя будзе размешчаная ў нашай краіне, то гэта забяспечыць прысутнасць расійскіх вайскоўцаў на многія гады наперад. Нам будзе вельмі цяжка потым гэтай ядзернай зброі пазбавіцца.
Ужо цяпер мусяць быць нейкія прэвентыўныя крокі, каб не дапусціць ядзерную зброю ў Беларусь. Нейкія прэвентыўныя санкцыі ці дэкларацыі, рэзалюцыі, што такія краіны, як ЗША і Францыя, Германія, іншыя будуць стаяць за незалежнасць Беларусі, што яны не дапускаюць размяшчэння ядзернай зброі ў краіне.
Але для іх гэта не такая балючая тэма, як Украіна ці іншыя пытанні, — і гэта знікае з парадку дня. І гэта вельмі балюча. Я заўсёды кажу, што і ад нас, беларусаў, залежыць, як на нас будуць рэагаваць. Калі мы самі пра сябе не будзем нагадваць, то пра нас усе забудуць. Не трэба думаць, што Беларусь заўсёды ўверсе спісу справаў на стале ў кожнага палітыка і што нам нехта нешта вынні. Насамрэч нам ніхто нічога не вінны, толькі мы самі падымаем гэтае пытанне на новы ўзровень сваёй актыўнасцю.
Пра сустрэчу з сенатарамі ЗША
— Думаю, нешта новае пачуць вельмі цяжка. Ужо мноства пытанняў было абмеркаванае, мноства ідэй мы закінулі. Цяпер мы абмяркоўваем гэты стратэгічны дыялог з ЗША, як гэта рэалізаваць, каб Беларусь была на парадку дня.
Я папрасіла сенатараў, каб яны часцей падымалі беларускае пытанне, каб накіравалі місію ў Варшаву, каб сустрэліся з былымі палітвязнямі, з медыя і праваабаронцамі, каб адчулі ўсю нашую сітуацыю знутры. Вельмі часта гэта забываецца. Вельмі часта цяпер Беларусь успамінаюць толькі ў кантэксце вайны Расіі з Украінай, і тое дзесьці збоку. А пра тое, што Беларусь — гэта суверэнная краіна, якая не павінная быць у сферы ўплыву Расіі, шмат не гавораць. Толькі калі ты прыязджаеш і падымаеш гэтае пытанне на новы ўзровень, то пачынаюць варушыцца.
Шмат размаўлялі пра ядзерную зброю, пра прысутнасць расійскіх вайскоўцаў і вагнераўцаў у Беларусі. Страчваецца поўнае разуменне таго, што адбываецца ў краіне, сітуацыя з палітвязнямі. Калі ўвесь час не нагадваць, то губляецца ўвага і вельмі цяжка потым дасягаць нейкіх дамоўленасцяў.
Пра стратэгію што да палітвязняў
— Мая стратэгія ясная — гэта максімальны ціск на рэжым, каб яго знішчыць, і дапамога людзям. Я разумею людзей, якія хочуць вызваліць сваіх у першую чаргу. І, вядома, я б таксама хацела, каб Сяргея вызвалілі першым, але я разумею, што гэтага не адбудзецца.
Вызваляць усіх або вызваляць за нейкія саступкі двух-трох-пяцярыз чалавек, а астатнія будуць сядзець, бо ўсе аргументы, усе карты ўжо на стале (зняцце санкцый ці нейкія іншыя інструменты) — і ўсё, далей мы не зможам рухацца. Нават калі цяпер абмяркоўваецца, што ёсць пэўныя краіны, якія хацелі б зняць нейкія санкцыі з Лукашэнкі, то нашая пазіцыя — што гэтага нельга рабіць, бо ўсё, што было дасягнутае да гэтага моманту, вось гэты ціск, гэта будзе вялікі крок назад.
Я б вельмі хацела, каб людзі выходзілі, але як дамагчыся гэтага без ціску на рэжым, я не ведаю. Ёсць ідэі выкупляць ці яшчэ нешта. Ну, можа, гэта і спрацуе на аднаго-двух-трох чалавек, але сядзяць жа тысячы. І абменьваць аднаго-двух чалавек у год — гэта не падыход.
Пра Сяргея Ціханоўскага
— Акрамя таго відэа, не было больш навінаў пра Ціханоўскага. З 9 сакавіка не ведаю больш нічога. Лісты не прыходзяць. Дзеці пішуць, але я думаю, што і іх лісты таксама да яго не дабіраюцца. І, вядома, гэтая фэйкавая навіна, што ён загінуў… Гэта не ўпершыню, і, вядома, гэта мяне ўсхвалявала, але я разумела, што, хутчэй за ўсё, гэта няпраўда. Але той факт, што грамадства абурылася, што абурыліся нашыя замежныя партнёры і запатрабавалі паказаць Ціханоўскага — рэжыму давялося паказаць яго. Гэта толькі дзякуючы салідарнасці адбылося. Таму я заўсёды кажу, каб людзі ўцягваліся ў гэтыя кампаніі. Віктара Бабарыку мы патрабуем паказаць, але гэтага пакуль не адбылося. Можа, недастаткова ціску.