Два міжнародныя банкі — Luminor Bank і SEB Bank — паведамілі пра спыненне працы сваіх картак на тэрыторыі Беларусі. Гаворка як пра разлік «пластыкам» за тавары і паслугі, так і зняцце наяўных у банкаматах.
Камерцыйны банк Luminor Bank, які працуе ў Латвіі, Літве і Эстоніі, абвясціў, што з 25 верасня ў Беларусі больш нельга будзе расплачвацца яго карткамі. «Расплачвацца карткамі больш нельга будзе ў гандлёвых і сэрвісных пунктах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі краіны, а таксама ў інтэрнэт-крамах. Таксама нельга будзе зняць грошы ў банкаматах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі», — паведаміў банк.
SEB Bank паведаміў, што таксама ўводзіць абмежаванні па працы картак у Беларусі. «Праз узрослы аб’ём міжнародных санкцый банкі SEB не могуць даць магчымасць выкарыстоўваць карткі SEB у Беларусі для аплаты ў гандлёвых пунктах і зняцця наяўных у банкаматах. Таму мы просім кліентаў не разлічваць на аплату карткамі SEB і зняцце грошай у банкаматах у Беларусі», — абвясціла фінустанова.
У SEB Bank удакладнілі, што MasterCard ужо некаторы час блакуе фізічныя і электронныя плацяжы ў гандлёвых аб’ектах Беларусі, немагчыма расплаціцца банкаўскімі карткамі SEB. У фінустанове ўдакладняюць, што расце колькасць месцаў, дзе нельга расплаціцца яе карткамі.
Раней SEB Bank абвяшчаў, што з 15 траўня 2022 года больш не будзе ажыццяўляць плацяжы ў/з Беларусі ў любой валюце. Фінустанова таксама перастала адпраўляць карткі ў Беларусь.
Нагадаем, у канцы жніўня гэтага года шведская банкаўская група Swedbank паведаміла, што з 6 верасня больш не можа даваць магчымасць аплаты сваімі карткамі ў пунктах продажу і паслуг, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.
Чытайце таксама