У сярэдзіне кастрычніка палова Белгарада на нейкі час засталася без электрычнасці пасля трапляння ракеты ў падстанцыю, а праз пару дзён у горадзе прагучала не менш за 16 выбухаў, працавала СПА. Каб не чуць усіх гэтых гукаў і не перажываць за сябе, жонку і маленькае дзіця, яшчэ ў пачатку месяца Артур з сям’ёй з’ехаў з горада. І для спакойнага жыцця яны абралі не іншы рэгіён Расіі, а Беларусь. Мужчына расказаў «Люстэрку», чаму пераехаў у Мінск і як яму ў ім жывецца. Пакуль суразмоўца незадаволены якасцю мясцовай кавы, але радуецца, да здзіўлення многіх беларусаў, «невялікай колькасці» міліцыі на вуліцах.
«Гэтыя снарады ляцяць да такіх самых людзей, як мы»
У пачатку кастрычніка 33-гадовы Артур (імя змененае) купіў білеты на цягнік да Масквы, а адтуль — да Мінска. Мужчына перавёз сюды свайго двухгадовага сына і жонку. У беларускай сталіцы расіянін у дзяцінстве некалькі гадоў пражыў сам, у яго тут сваякі, у іх — свабодная кватэра. А ў Белгарадзе сям’ю замучылі пастаянныя гукі выбухаў і рызыка, што наступным разам можа прыляцець ужо не ў чыйсьці дом, а ў твой.
— У ліпені збілі ракету, яна звалілася на жылыя дамы за пару кіламетраў ад нашага. А побач, праз 500 метраў, — садок, куды хадзіў наш сын. Нядаўна ў дом, дзе жывуць бацькі маёй жонкі, трапіў аскепак. У першы месяц вайны, калі ўкраінскія верталёты прыляцелі на нашу тэрыторыю і ўдарылі па нафтабазе, мы прачнуліся ад выбухаў і з акна бачылі гэты пажар, велізарны слуп чорнага дыму (губернатар рэгіёна абвінаваціў ва ўсім верталёты ўкраінскіх войскаў, «якія зайшлі на тэрыторыю Расіі на нізкай вышыні» і здзейснілі авіяўдар. Украінскае МЗС адмовілася аспрэчваць або пацвярджаць гэтую версію. — Заўв. рэд.). У першыя хвіліны гэта вельмі страшна, потым глядзіш — быццам ужо нічога не адбываецца, супакойвае. Але трывога ўсё роўна застаецца.
Хаця ў першыя месяцы ў сам Белгарад наогул нічога не прылятала — толькі ў прыгранічныя раёны. Але ударныя хвалі былі чутныя пастаянна, бывала, кожную ноч. Таму жонка хацела з’ехаць яшчэ з лютага праз усю гэтую кананаду. Мы ўжо 24-га прачнуліся ад, як у нас называюць, «бахаў» за акном — працавала нашая артылерыя па Украіне. Тады начамі над Белгарадам самалёты запускалі ракеты, і калі гукавая хваля даходзіла да горада, было адчуванне, што нешта моцна выбухнула. На напружанне накладалася яшчэ і разуменне, што гэтыя снарады ляцяць да такіх самых людзей, як і мы. А апошнім часам, калі нашы ўжо выйшлі з Харкаўскай вобласці, над горадам пачала працаваць СПА, цяпер днём бываюць абстрэлы.
Чаму Артур не проста пераехаў у іншы горад Расіі, далей ад мяжы? Мужчына хацеў у тым ліку з’ехаць з краіны, якая вядзе вайну. Ён супраць баявых дзеянняў, але кажа, што «гэта вельмі складанае пытанне, на якое нельга адназначна адказаць».
— Я ўсе дзевяць месяцаў думаў пра тое, што адбываецца, і прыйшоў толькі да адной высновы: не мае рацыі ні адна краіна. Спачатку ў мяне было дзікае непрыманне таго, што мая дзяржава напала на суседнюю. Потым я з нейкага боку зразумеў усе прапагандысцкія пасылы з тэлевізара: яны пабудаваныя на рэалістычных сцверджаннях, што ідзе нейкая праца з боку Захаду па дысбалансе ў рэгіёне. Упэўнены, што амерыканцам або англічанам усё роўна, што там з украінцамі адбываецца. Калі б ім удалося развязаць вайну на тэрыторыі Беларусі ці Казахстана, яна была б там. Але так склаліся абставіны, што яна ва Украіне. Я асабіста лічу, што ўрады розных краін, і Расіі ў тым ліку, мераюцца сваімі гендарнымі прыкметамі, хто на што здатны. І гэта кладзецца на плечы іх народаў.
— Тое, што Расія настолькі слабая, што, паводле версіі ўрада, ёй давялося пачаць баявыя дзеянні, каб адстаяць сваю пазіцыю, — гэта ўжо пытанні да яе. Чаму ўлады з нулявых гадоў займаліся самаўзбагачэннем і не развівалі эканоміку? Калі б з самага пачатку ў нас паляпшалі эканамічную сітуацыю ўнутры і раўнапраўныя адносіны з суседзямі, можа, і не было б Майдана ва Украіне, для народа было б не так прывабна глядзець на Захад. А пасля 2014-га да нас у Белгарад быў велізарны паток украінцаў, якога да гэтага не было. Адны бізнес страцілі ў Харкаве, іншыя ехалі з Луганскай і Данецкай абласцей, забіўшы рэчамі машыны на поўную, і казалі, што ўсе снарады і бомбы, якія на іх ляцяць, — з украінскага боку.
Яшчэ адна прычына, чаму расіянін абраў Беларусь, — рызыка мабілізацыі. Артур у мінулым вайсковец, таму можа атрымаць позву на вайну.
— На жаль, мы жывём у краінах, дзе ўрады прывыклі, што народ дзяржаве нешта павінен — напрыклад, ісці ў войска. Краіне дрэнна — людзі павінныя ісці ваяваць. Але чаму ўлады правялі мабілізацыю, калі за тыя грошы, якія яны мабілізаваным паабяцалі, маглі б правесці добрую маркетынгавую акцыю і набраць столькі ж людзей з ліку тых, хто сядзіць перад тэлевізарам? Думаю, гэта зрабілі, каб паглядзець, ці будзе масавы бунт. Народ усё праглынуў. Значыць, у будучыні можна і далей збіраць людзей, неабавязкова нават абвяшчаць новую хвалю. А я пад гэта не хачу трапіць.
«У Мінску вельмі ціха, людзі ў трывозе ходзяць»
У Белгарадзе ў Артура застаецца бізнес. Цяпер жонка мужчыны вярнулася ў горад, каб вырашыць працоўныя пытанні. За месяц у Мінску сям’я не паспела пазнаёміцца з кім-небудзь з беларусаў, але ўжо знайшла для сына прыватны садок. Прывыкаць да жыцця ў іншай краіне амаль не давялося.
— Шчыра? Беларусь — не такая ўжо і іншая краіна. Такі ж прэзідэнт, такія ж людзі. Усе размаўляюць на рускай. Былі пэўныя складанасці з валютай, але на гэтым усё. Быццам у іншы рэгіён Расіі прыехалі. Па адчуваннях, я маю на ўвазе. Так яно зразумела, што вы асобная дзяржава, у вас іншыя законы. Як і раней, тут усё чыста, вялікія праспекты, шырокія тратуары — не як у Маскве, дзе вялікі працэнт забудовы, і пры гэтым у вас мала людзей! Вельмі кідаецца ў вочы, што ў Мінску вельмі ціха. Хоць мы з горада з насельніцтвам менш за паўмільёна, але ў ім жыццё больш кіпіць, а тут быццам усе спяць, у асцярозе, трывозе нейкай ходзяць.
Артур мяркуе, што гэта звязана з падзеямі 2020 года і рэпрэсіямі, якія абрынуліся на беларусаў пасля іх. Пра пратэсты ён ведае ад сваякоў і з тэлеграм-каналаў.
— Я і сам адсочваў, што ў вас адбывалася. Шчыра быў здзіўлены, колькі беларусаў выйшла на акцыі пратэсту. І што ўсе паводзілі сябе спакойна, ніхто не разгойдваў абстаноўку — людзі проста выйшлі паказаць, што ім не ўсё роўна, што адбываецца ў іх краіне, з іх жыццём. Людзі разуваліся, каб на лавачку ўстаць. Адзінымі правакатарамі былі праваахоўныя органы. І было вельмі страшна, калі з’явіліся паведамленні пра масавае збіццё, затрыманні.
Артур ведае, што ў Беларусі ёсць старадаўнія замкі, але за межамі Мінска яшчэ не быў. А ў сталіцы яго сям'і ў цэлым падабаецца: шмат паркаў, ёсць дзе пагуляць з дзіцем, і вельмі мала міліцыі.
— Шчыра кажучы, я за тры дні не ўбачыў ніводнага паліцэйскага — толькі дзесьці бачыў, як праязджала машына. Нават на вакзале ніводнага не было! У нас у Расіі на вуліцы паліцыі нашмат больш, у тым ліку ў цывільным — па трое, па чацвёра ходзяць, напрыклад, двое ў форме і двое без. Міма адных прайшоў, наперадзе ўжо іншыя ідуць, на наступным скрыжаванні — яшчэ патруль. А вы думаеце, што іх у вас шмат? — здзіўлена пытаецца Артур. — У нас вакзалы, школы ледзь не сценамі абносяць — такое захаванне бяспекі на паперы.
«„Макдональдс“ — ведаеце, нейкая прыкмета адноснай свабоды»
Мінусы расіянін таксама ўжо прыкмеціў. Кажа, што ў Беларусі дрэнна развітае безбар’ернае асяроддзе, кепская кава і маленькія зарплаты.
— Заўважыў, што, калі ідзеш з дзіцячай каляскай — або прыступкі, або нязручны пандус. У нас Белгарад за апошнія гадоў пяць вельмі змяніўся ў гэтым сэнсе. А кавы добрай чамусьці нават у пякарнях не знайшоў, і службаў дастаўкі ежы, прадуктаў у вас менш, — дзеліцца ўражаннямі мужчына. Пакуль ёсць вольны час, ён хоча знайсці яшчэ адну, дыстанцыйную працу. — Але калі прыгледзецца, у Беларусі дастаткова кепска з заробкамі. Можа, мінус 30−40% да расійскіх. Я параўноўваю з установамі грамадскага харчавання, у якім мы працуем. Пры гэтым цэны на прадукты практычна такія ж, як у нас.
У Мінску Артур ужо заходзіў у «Макдональдс», які афіцыйна ўжо не працуе ў Расіі. Вывучыў асартымент мясцовых крамаў, і тут у яго ёсць пытанні — не радуе мужчыну нават беларуская малочка.
— «Макдональдс» — гэта не прадмет першай неабходнасці. Хоць, ведаеце, нейкая прыкмета адноснай свабоды. У нас жа ў Расіі запусцілі свой «Вкусно и точка», але там тыя ж чызбургеры, шчыра кажучы, толькі колы няма і з апельсінавым сокам праблемы чамусьці. Вось з адзеннем у вас прасцей, але яно мне пакуль не патрэбнае. Вось адразу ў вочы кінулася адсутнасць прадуктаў! Вельмі мала добрай гародніны — нават у вялікіх супермаркетах складана знайсці «нешкляныя», чырвоныя, памідоры, салату, зеляніну. Не разумею, чаму такая праблема. Тыя ж брэнды вашых малочных прадуктаў і ў нас прадаюцца — малако, алей, смятана. Затое ў вас смачнае сала і сапраўды добрае, жывое бутэлькавае піва, якога ў Расіі ў супермаркетах не сустрэнеш. І мяне парадавала, што не змяніўся хлеб «Нарачанскі». Я тут пражыў некалькі гадоў у канцы 90-х, пайшоў у першы клас.
Хоць, ведаеце, шмат у чым ёсць адчуванне, што ў Беларусі з тых гадоў не памянялася нічога. Я ўжо казаў жонцы: калі б Савецкі Саюз не распаўся, а перацёк у якую-небудзь савецка-рынкавую сістэму, камуністычна-дэмакратычныя рэспублікі, увесь СССР і Масква былі б такімі, як цяпер Мінск. Той жа ваш маркетынг — білборды, афішы, рэклама на шкле — па адчуваннях як 10 гадоў таму ў Расіі.
«Як вашыя ўлады будуць тлумачыць беларусам, навошта ім ісці ваяваць, я не ведаю»
Акрамя прадуктаў і пандусаў моманты, якія хвалююць Артура больш. Ён чуў шмат размоў, што вайна можа пачацца і ў Беларусі. Думкі, што ў Мінску таксама стане небяспечна, у яго былі. Адзінае, чаго ён не баіцца, — гэта што ваенкам будзе шукаць яго ў суседняй краіне.
— Так, гэта Саюзная дзяржава, але тут няма расійскіх ваенкаматаў, не ўручаюць позвы каля станцыі метро. Максімум, што нашы могуць зрабіць, — гэта абвясціць усіх у Расіі ў вышук, а тут ужо нас будзе шукаць вашае МУС. Але для гэтага патрэбныя пэўныя адміністрацыйныя працэдуры, — упэўнены Артур. — А з уступленнем у вайну і беларускія ўлады падліваюць смалы ў агонь удакладненнямі спісаў у ваенкаматах, сваімі заявамі. Маю жонку гэта вельмі турбуе. Асабліва яна хвалявалася, калі лёталі самалёты над Мінскам і мы пачулі знаёмыя гукі ў небе.
— Перажываеш, таму што абсалютна незразумела, што прыйдзе ў галаву людзям, якія прымаюць рашэнні. Але ў Расіі дзяржава хоць бы больш-менш магла народу растлумачыць, навошта гэта: «Мы — правапераемнік СССР, старэйшы брат усіх малых народаў, абараняем і аберагаем усіх і ўсё». А як улады будуць тлумачыць беларусам, навошта ім ісці ваяваць, я не ведаю. Ды і ў вас нашмат менш людзей падтрымліваюць вайну і ідэю, што на ёй змагаюцца з фашызмам, таму мы тут больш спакойныя. Хоць чакаць, зноў жа, можна чаго заўгодна.
У Белгарадзе ў Артура і яго жонкі застаюцца бацькі. Нядаўна яны прыязджалі на пару тыдняў у Мінск. Мужчына хацеў бы і перавезці іх у Беларусь на час, таму што «нешта недзе ды падае», але пакуль яны да гэтага не гатовыя. Сам ён яшчэ не ведае, колькі давядзецца прабыць у Беларусі. Але ў найбліжэйшыя месяцы дакладна не вернецца дадому.
— Калі канфлікт будзе і далей у вострай фазе, захаваецца рызыка, што ў наш дом прыляціць ракета, і ўсё роўна, кім яна запушчаная і ці не СПА гэта наогул, — мы не будзем вяртацца. Ды і ў цэлым тое, што адбываецца ў Расіі не заахвочвае да вяртання — кажуць, будуць ускладняць выезд з краіны мужчынам. Таму пару месяцаў мы дакладна пабудзем у Мінску, а далей, можа, і яшчэ кудысьці з’едзем. Будзем глядзець па абстаноўцы.
У Артура няма злосці або крыўды на ўкраінцаў за тое, што яны могуць абстрэльваць яго рэгіён. Ён разумее, чаму гэта адбываецца. І таксама разумее, што не для ўсіх белгародцаў адказ на пытанне, чаму з боку Украіны можа ляцець ракета, відавочны.
— Пра віну Расіі дакладна мала хто задумваецца. Яшчэ і таму, што пра гэта думаць непрыемна. Каму хочацца прызнаваць, што ты на баку дрэннага хлопца? Прасцей думаць, што мы маем рацыю і, «калі б 24 лютага не стрэлілі, 8 сакавіка стрэлілі б па нас». А я выдатна разумею, што гэтая вайна і лінія фронту — за 30 кіламетраў. І да цябе на іншы бок фронту таксама можа прыляцець. Але яшчэ не было такога, каб украінцы проста абстралялі нас сістэмай залпавага агню па якім-небудзь раёне жылым — іх удары пакуль ідуць кропкава, а траплянні ў жылы сектар у асноўным былі ў выніку працы СПА. То-бок ракету збілі, і яна ўпала не туды, куды ляцела. Хоць хто яго ведае, куды яна ляцела і колькі людзей бы загінула… але ў гэтай сітуацыі я не лічу, што ўкраінцы не павінныя страляць па Расіі, як на мяне — на вайне гэта вельмі лагічна.