Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Эксперты рассказали, почему Россия против соглашения о прекращении огня и присутствия миротворцев в Украине
  2. Американский журналист спросил у Лукашенко, должен ли сейчас Путин согласиться на перемирие с Украиной. Вот его ответ
  3. Пакуль выжылыя беларусы пакутавалі ў галечы, кіраўніцтва рэспублікі крала. Расказваем пра жахлівую карупцыю ў Беларусі пасля вайны
  4. «Заяву на памілаванне я не пісаў». Вялікае інтэрв'ю «Люстэрка» з Юрыем Зянковічам, якому далі 11 гадоў за «дзяржаўны пераварот»
  5. Лукашэнка выказаўся на балючую апошнім часам для беларусаў тэму і прапанаваў яшчэ месяц пацярпець: «Гэта такая хітрая задума»
  6. Есть фирмы, которые из года в год выигрывают конкурсы по госзакупкам на крупные провластные мероприятия. 9 Мая не стало исключением
  7. После 2020-го на заводах по требованию Лукашенко увольняли из-за «политики» — из закрытых документов стало понятно, чем это обернулось
  8. Лукашэнка заявіў, што «крыху затрымаўся» ва ўладзе, і заклікаў «пацярпець»
  9. Эксперты: Путин использует День Победы, чтобы подготовить общество к войне с Западом
  10. Конклав кардиналов в Ватикане выбрал папу римского. Стало известно его имя
  11. На рынку нерухомасці ў Мінску ўзнік дэфіцыт пэўнага жылля, праз што рэкордна падскочылі цэны. Эксперты растлумачылі, што адбываецца
  12. На параде в Москве Путин не сел возле Лукашенко. Его посадили возле политика, с которым тот конфликтовал
Читать по-русски


«Дзякуй табе божа, што хоць сыходзіць!» — сказаў Лукашэнка ў адказ на навіну пра тое, што McDonald’s пакідае Беларусь, дадаўшы, што не разумее, «хто гэта спажывае». «Твой двайны чызбургер, сярэдняя бульбачка і ўзрушальны водар свежазваранай кавы заўсёды выклікаў прыліў эндарфіну. Ты быў нашай эпохай», — пішуць у сваіх сацсетках развітальныя пасты беларусы. Панядзелак, 21 лістапада, — апошні дзень, калі папулярная сетка працуе ў краіне. Праз некалькі гадзін рэстараны сеткі закрыюцца, а з аўторка пачнуць працаваць пад расійскім брэндам «Вкусно — и точка», з «Біг Спешыял» і «Чыкен Хіт» замест «Біг Тэйсці» і «Макчыкен». Паглядзелі, як жыхары краіны развітваюцца з любімым брэндам фастфуду.

Ресторан "Макдональдс" в Минске. Фото: realt.by
Рэстаран «Макдональдс» у Мінску. Фота: realt.by

«Макдональдс — гэта смак паездак з мамай у тэатр ці ў кіно, пасля якіх абавязкова трэба зайсці па „Хэпі Міл“. Гэта смак найлепшых дзён нараджэння ў дзяцінстве. Гэта смак падарожжаў, калі на вакзале перад цягніком ты заходзіш узяць пару „чызаў“. Гэта смак вяртання дадому, калі раніцай па прыездзе ты бярэш „максняданак“. Макдональдс — гэта смак лета, калі вы гуляеце ўсю ноч да раніцы і чакаеце адкрыцця, каб узяць бульбу з марозівам. Гэта смак студэнцтва, гэта першая падпрацоўка…» — напісала яшчэ ў сярэдзіне лістапада жыхарка Мінска пад сумным фота на фоне вядомай шыльды, якую неўзабаве здымуць.

Пра дзіцячыя ўспаміны напісала і яшчэ адна беларуска: «Памятаю, як мы прасіліся ў Мак, а атрымлівалі сасіску і булку. Як нас замест фастфуду вазілі ў італьянскі рэстаран, а мы вельмі хацелі менавіта ў „Макдональдс“. За „Хэпі Міл“ мы прадалі б душу. <…> Фастфуду ў свеце велізарная разнастайнасць, нехта любіць, нехта не, але гэта ж McDonald’s…» дзяўчына падзялілася, што ўжо была ў рэстаранах расійскай сеткі «Вкусно — и точка» і не заўважыла розніцы ў смаку.

«Бывай, Макдак!!! Ты быў нашай эпохай. <…> Ты застанешся ў нашых сэрцах, у прыемных успамінах назаўсёды».

«Калі я быў маленькі, Макдональдс быў толькі ў Мінску. Для ўсіх „несталічных“ наведванне Мака было абавязковай праграмай. І гэтая жоўтая літара М выклікала пачуццё радасці і адчуванне прыгожага. Прайшло шмат гадоў, у мяне ёсць уласны сын, і з сумам хочацца канстатаваць, што канкурэнта „Маку“ ў плане даступнасці, абслугоўвання і якасці за гэты час так і не з’явілася. Дзякуй, „Макдональдс“. Будзем сумаваць!» — напісаў яшчэ адзін беларус пад фота на фоне рэстарана на Кастрычніцкай.

«Гэта не проста фастфуд. Гэта пра мой Мінск, пра знакавыя падзеі і месцы. Гэта пра першае акно ў іншы свет, дзе табе ўсміхаюцца, дораць шарык, пра дзень нараджэння і сустрэчы пад гадзіннікам. Я не ведаю, што яшчэ можа адбыцца, бурацца нават непарушныя рэчы, таму мне патрэбнае фота там», — піша яшчэ адзін чытач.

Развітваюцца з мінскім «Макдональдсам» і замежныя студэнты.

«Я не скажу, што моцна любіў цябе і песціў сваімі наведваннямі, але твой двайны чызбургер, сярэдняя бульбачка і ўзрушальны водар свежазваранай кавы заўсёды выклікаў прыліў эндарфіну… Ты назаўжды застанешся ў маёй памяці і кропка!»

«Ну вось і мы апошні раз з’ездзілі. Але я асабліва не хвалююся ў сувязі з ад’ездам гэтага брэнда. Крочым далей», — кажа жыхарка Магілёўскай вобласці, не хвалюючыся праз перамены і заўважаючы, што «дома смачней».

«Развітваюся з „Макам“. Сімвалам сталасці і прадказальнасці ў маім свеце. Туды забягала студэнткай па „Хэпі Міл“. Калі была праездам у Мінску, там абмяркоўваліся важныя планы і рашэнні з будучым мужам, там саграваліся кавай пасля вяселля, там размовы і жарты ліліся ракой з сябрамі. Адтуль муж насіў пакеты для цяжарнай з дзівацтвамі, там суцяшаліся цацкамі з дзецьмі пасля стаматолагаў і аналізаў, туды вадзілі бабуляў і дзядуляў, як на экскурсію ў іншы нязнаны ім свет, свет без віз. Там дзяліліся сакрэтамі і ідэямі з падрослымі дзецьмі, туды ўцякалі з мітуслівага школьнага выпускнога, там заўсёды было ўтульна і радасна, прыгожа, чыста, а нам яшчэ і смачна. І, самае галоўнае, бяспечна!!! Ад Мінска і Віцебска да Варшавы, Прагі, Вены і Венецыі. „Макдональдс“, а потым ніякіх аптэк! Дзякуй, „Мак“, за класныя і незабыўныя моманты! За 25 гадоў! Але наш трамвайчык прыбыў-такі на канцавы…»

«Развіталіся з любімай кавай і падвойным чызам! Будзем есці дранікі».

«На памяць пра эпоху, якая мінае».

«Развіталіся. Спадзяюся, не назаўсёды», — піша яшчэ адна беларуска, дадаўшы ў каментарах адказ: — «Сумна нам, і кропка».

«Сыходзіць эпоха, мне сумна. Гэта яшчэ адзін напамін пра тое, у які час мы жывём. Калісьці для дзяўчынкі з правінцыйнага гарадка „Макдональдс“ быў марай, знаходзіўся толькі ў Мінску. Паспрабавала бургер я толькі пасля 10 класа. Цяпер у фастфудзе няма нічога незвычайнага, флёр нейкай недаступнай замежнасці знік. А настальгія па тых часах засталася. Памятаю, неяк у кабінеце стаматолага было ўключанае радыё, а там дыджэй і слухачы расказвалі пра любімую ежу з 90-х. Адна дзяўчына сказала, як бацька-дальнабойшчык прывёз адзін бургер на сям’ю з чатырох чалавек, дык яны яшчэ з суседзямі змудрыліся падзяліцца. Гэта было так расказана, што смяяліся ўсе, і дыджэй, і доктар, і я з велізарным рэтрактарам у роце. А цяпер „Макдональдс“ сыходзіць, а ў гэтае месца хадзіць зусім не хочацца…»

«Бывай, „МакДак“! Я буду сумаваць! Хоць і не была тваёй частай госцяй, але па чызбургер часам зазірала! А цяпер усё! НЕ ПАЙДУ… і кропка!!!»

«Бывай…Эх, цяпер будзе «Сумна — і…»

Сыход «Макдональдса» з рынку Беларусі

Нагадаем, як стала вядома 11 лістапада, «Макдональдс» сыходзіць з беларускага рынку. Яго месца зойме фастфуд «Вкусно — и точка». Гэта расійская сетка рэстаранаў хуткага харчавання, адкрытая ў памяшканнях McDonald’s пасля яе закрыцця ў Расіі і продажу расійскага бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару. Адкрыццё першых рэстаранаў сеткі прайшло 12 чэрвеня 2022 года.

Меню абноўленай сеткі засталося ранейшым, але былі змененыя назвы страваў — з іх прыбраная прыстаўка «Мак». З 15 верасня замест напояў Coca-Cola, Fanta і Sprite у расійскай сетцы прадаюцца напоі пад брэндам «Добрый», які таксама належыць The Coca-Cola Company.

На думку аднаго з супрацоўнікаў, прычына такога рашэння — эканамічная: праз узрослыя выдаткі на лагістыку і праблемы з пастаўкамі беларускі бок палічыў мэтазгодным адмовіцца ад амерыканскай франшызы і «прадацца» расійскай сетцы.

Рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларуси 22 лістапада.

Раней у рэстаранах беларускай сеткі McDonald’s пачалі знікаць некаторыя стравы з меню. У кампаніі гэта тлумачылі складанасцямі з пастаўкамі. Спачатку сетка прыбрала шэраг пазіцыі з «МакСняданкаў», потым тое самае адбылося з «БігТэйсці».

18 лістапада, каментуючы сыход «Макдональдса», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго месца павінныя заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.