Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зенкович: в Беларуси действительно была попытка военного переворота, за это арестована группа офицеров пятой бригады спецназа
  2. Калі Пуцін прыедзе: Зяленскі назваў дзве ключавыя тэмы магчымай сустрэчы ў Стамбуле
  3. Стала вядома, што цяпер з расійскім комікам, якога збілі падчас затрымання беларускія сілавікі
  4. «Вывела больш за 150 тысяч даляраў». «Кіберпартызаны» апублікавалі інфармацыю пра грошы фонду, якім кіравала зніклая Мельнікава
  5. «У мяне да Рамана няма ніякіх прэтэнзій». Юрый Зянковіч — пра сустрэчу з Пратасевічам, лёс Лукашэнкі і «сувенір з Беларусі»
  6. Улады прыдумалі новаўвядзенне, здольнае адбіць у вас жаданне павышэння зарплаты
  7. «Наша Ніва»: Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яна была вызваленая па памілаванні
  8. Бачыла яшчэ цара, стала зоркай у 76 гадоў і памерла ў часы Лукашэнкі. Успамінаем гэтую вялікую беларуску ў дзень яе 120-годдзя
  9. «Наша Ніва»: Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі
  10. Хто той палкоўнік Жураўскі, які падбіў Зянковіча, Фядуту і Кастусёва на нібыта дзяржаўны пераварот? Вось што ўдалося даведацца «Люстэрку»
  11. Директору визового центра вменили в вину сбор личных данных. Бывший фигурант громкого дела рассказал о «большом бизнесе беларусской власти»
  12. Чыноўнікі хочуць павялічыць падатковую нагрузку. Каго гэта можа закрануць
  13. Унікальная аперацыя з цэнамі, пра якую казаў Лукашэнка, відаць, можа праваліцца. Што адбываецца з коштам тавараў і паслуг
  14. Введут ли в Беларуси налог на бездетность? В Минтруда ответили «откровенно и прямо»
  15. Как Путин меняет риторику, чтобы подготовить россиян к возможным переговорам с Зеленским, а в подходящий момент возобновить войну — ISW
  16. «Не здзіўляе іх учынак. Палохае рэакцыя дарослых». Меркаванне пра скандал з падлеткамі, якія паказалі сярэдні палец салюту
Читать по-русски


Беларускія чыноўнікі ў цэлым любяць пагаварыць пра тое, што жанчыны павінныя нараджаць як мага больш дзяцей, але ў апошні месяц пачалі рабіць гэта асабліва часта. У ліпені ўжо двойчы гучна выказваліся на тэму родаў: спачатку гэта зрабіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, затым — кіраўніца праўладнага саюза жанчын Вольга Шпілеўская. Такое насаджванне ідэй пра мацярынства абурыла пісьменніцу Ганну Златкоўскую — «Люстэрка» публікуе яе меркаванне на гэтую тэму.

Ганна Златкоўская Пісьменніца, журналістка, калумністка, мама Аўтарка кніг «Охота на бабочек» і «Страшно жить, мама», калумністка kyky.org і ўжо закрытага часопіса «Большой». Два з паловай гады таму вымушана пакінула Беларусь, але спадзяецца, што аднойчы зможа вярнуцца дадому.

Кіраўніца саюза жанчын Вольга Шпілеўская лічыць, што галоўная задача жанчыны ў Беларусі — гэта ахоўваць хатні ачаг і нараджаць дзяцей. Качанава таксама агітуе, маўляў, галоўная (sic!) справа ў жыцці жанчыны — нараджаць дзяцей. Як шмат слова «галоўнае» для двух сказаў. Як часта паўтараецца «нараджаць». Інакш у чыноўніц вызначыць месца чалавека з XX-храмасомамі ў Беларусі не атрымліваецц — і гэта ў 2023 годзе! Была асоба — стала інкубатар. Ідэальная самка, якой не трэба клапаціцца пра сваю адукацыю, здароўе, развіццё, якая не мае ніякіх інтарэсаў. Усё ўраўненне жыцця з адзіным рашэннем — даць краіне дзіцятка. Чым раней, тым лепш: відавочна, паказчыкі інкубатара ў 20 гадоў вышэйшыя, чым у 40. Жаданні і пачуцці чалавека-машыны не лічацца.

У чыноўніц, мяркуючы з іх выказванняў, няма іншых сэнсаў для беларускіх жанчын, акрамя дадзенасці стаць дадаткам да мужчыны, што вылізвае хатні ачаг і аблізвае пана. І галоўнае (божа) — своечасова яму аддавацца, бо прамежкі паміж гэтымі абавязкамі дагодлівай захавальніцы павінныя запоўніцца выхаваннем новых маленькіх грамадзян краіны. Ну мінімум — прыкрыццём тылоў у небяспечны для краіны час. Небяспека тут відавочна не ў тысячах узброеных наймітаў з Расіі, не вайна ва Украіне і тыя ж дзеці, што гінуць там ад ракет. Усё прасцей: трэба не пусціць і не дапусціць у прасторы Беларусі каштоўнасці, якія апелююць да свабоды і правоў чалавека.

Напрошваецца пытанне: калі вы так клапоціцеся пра нараджэнне беларусаў, чаму ж тады так настойліва забіваецца здароўе дзяўчат у калоніях і СІЗА? Качанава і Шпілеўская, здавалася б, у курсе, што адбываецца з жаночым арганізмам, калі спіш на халоднай падлозе, калі ў душ ходзіш раз на тыдзень, калі адсутнічаюць прадметы гігіены і своечасова не лечыцца цыстыт. У гэтых дзяўчат аднойчы скончацца несправядлівыя тэрміны, і яны, магчыма, захочуць тую самую сям’ю з любімымі дзецьмі. Але праз умовы ўтрымання ў турмах ёсць імавернасць, што са здароўем узнікнуць праблемы.

Калі краіне неабходныя самкі (прабачце, але атрымліваецца толькі такое вызначэнне, калі адзінай функцыяй робіцца нараджэнне дзяцей), чаму б пра іх не клапаціцца? Гэта, безумоўна, пытанні без адказаў, бо палітзняволеныя для чыноўніц — асацыяльныя грамадзянкі, якія насмеліліся выйсці за рамкі дапушчальнай свабоды і мыслення. Разумныя жанчыны, якія мысляць, Беларусі не патрэбныя. Хай сядзяць выкладчыцы і эксперткм, таленавітыя студэнткі і нават шматдзетныя маці: яны не адпавядаюць «высокаму званню» інкубатара, бо занадта шмат ведаюць і разумеюць.

Увесь гэты наратыў, запханы ў свядомасць мілым малюначкам дасканалай сям'і, дзе муж на працы, жонка — дома з фартухом на шыі, малым пад пахай, сіняе мірнае неба ў акне, цяпло з духоўкі ад пірагоў і катлет (ой, прабачце, катлеты могуць прывесці да прэзідэнцтва), здаецца прыгожай і ўтульнай. Ну, а што? Спакон вякоў так было заведзена: жанчына нараджала, мужчына забяспечваў — перадвызначаны лёс без пачуццёвага надрыву.

Не трэба мучыцца, што не ведаеш замежных моваў і не разбіраешся ў мастацтве, што не адрозніваеш Бадлера ад Рэмбо (не, не герой Сталонэ) і Купалу ад Коласа. Задаволеная прасценькім і немудрагелістым, дзе дзень распісаны як рэжыму ў дзіцячым садку, а любое рашэнне за цябе ўзяла на сябе вялікая і магутная дзяржава ў асобе адзінага і непарушнага выхавальніка. Менавіта яму на алтар нясуць ружовашчокіх немаўлятаў, якія ў будучыні паўтораць роўна такі ж лёс: хлопчыкам налева, дзяўчынкам направа — радуйся, жыві. Толькі правілаў не парушай. Ніякіх волевыяўленняў, імкнення да дэмакратыі, свабоды слова і наогул свабоды, дзе кожны беларус — асоба, а не як цяпер атрымліваецца, лялька для вычварэнскіх гульняў сілавікоў, калі падчас затрымання табе ўставяць фалаімітатары ў ніжнюю бялізну.

Што ў гэтай найцудоўнейшай дзяржаве рабіць жанчынам, якія не могуць мець дзяцей? Ды і мужчынам: у зачацці, вядомая рэч, удзельнічаюць двое. Наташа [Качанава], адкажы: калі інкубатар зламаны, яго куды?

Усё гэта дробна і агідна — ператвараць жанчыну ў самку і салдатку, не больш чым функцыю. І нават пры такім раскладзе не ўлічваць такіх банальных рэчаў, як пачуццё бяспекі, фінансавая стабільнасць, медыцынскае якаснае абслугоўванне і захаванне мінімальных (гучыць як здзек, але ўсё ж) правоў чалавека, нават калі яму гадоў дзесяць. Калі ў Беларусі лічыцца нормай абражаць вучняў і замахвацца на іх партай, калі ў паліклініцы мама праседжвае па тры гадзіны на прыём да доктара ў душным калідоры сярод такіх жа няшчасных пацыентаў, калі месца ў школах выгрызаецца стаяннем у чарзе, калі дактары аказваюцца ў калоніі (пачытайце хоць бы гісторыю Аляксея Аляксейчыка) або выціснутыя з краіны, калі жанчыне толкам няма да каго звярнуцца, калі яе збівае муж да крывавых сінякоў. У міліцыю, вядома, тэлефанаваць варта, толькі калі сусед бэчэбэшнік.

І ўсё ж дазволю сабе нагадаць галоўнае (зноў гэтае слова): краіну робяць людзі. Гэта яны вызначаюць, як ім жыць, якіх прытрымлівацца каштоўнасцяў, якой формулай вылічваецца шчасце і хто служыць грамадству, дзе прэзідэнт для народа, а не народ для прэзідэнта. Усё вельмі і вельмі проста. Быць рознымі, развіваць сябе, напаўняючы чытаннем кніг і вывучэннем мастацтваў або дакладнымі навукамі, быць мамай ці не быць мамай, аддаючы перавагу падарожжам або сваёй любімай працы. Не пакутаваць праз адсутнасць мужчыны, не быць замужам або быць — па каханні з тым, хто шануе ў жанчыне не опцыю маткі і яечнікаў, а нешта большае, з кім лёгка і добра.

Але такія людзі, вядома, паслухмяным статкам не будуць. А нашым чыноўнікам і дробнатрымальнікам улады, на жаль, патрэбныя не людзі, а маўклівыя і падатлівыя арганізмы. Без пробліску ў свядомасці, што жыццё — нешта большае, чым мацярынскае місіянерства і хатні ачаг крэдытам у дваццаць гадоў.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.