Гісторык надвор’я сіноптык Максіміліяна Эрэра папярэджваў, што сёлета Еўропу чакае анамальная хваля восеньскай спёкі. Паводле яго прагнозу, на тэрыторыях «паміж Славеніяй, Харватыяй, Чэхіяй, Аўстрыяй, Славакіяй, Венгрыяй, Польшчай і гэтак далей» могуць быць восеньскія тэмпературныя рэкорды. У Беларусі верасень стартаваў з нязвыклай спёкі. А што будзе далей? Пра тое, чаго чакаць ад беларускага надвор’я гэтай восенню, «Люстэрка» паразмаўляла з кандыдатам геаграфічных навук, украінскім метэаролагам Ігарам Кібальчычам.
— Сёлета ў многіх дзяржавах Еўропы прагназуецца вельмі цёплая восень. Паведамлялася, што дзесьці могуць быць нават пабітыя нацыянальныя тэмпературныя рэкорды для цяперашняй пары года. А што будзе ў Беларусі?
— Сапраўды, верасень сёлета пачаўся з анамальнай спёкі ў многіх краінах Еўропы. Так, 5 верасня ў Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі слупкі тэрмометраў падымаліся да рэкордных +28…31°С. За ўсю гісторыю назіранняў тут такога ў верасні раней ні разу не фіксавалася.
З пачатку месяца анамальна цёплае і сухое надвор’е назіраецца таксама на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Тэмпературны фон за першы тыдзень месяца — на 4−6°С вышэйшы за кліматычную норму (гаворка пра сярэднясутачную тэмпературу, яе норма ў гэты перыяд +11,8…13,7°С. — Заўв. рэд.).
Свежыя прагнастычныя звесткі паказваюць: нетыпова цёплае надвор’е захаваецца ў Беларусі як мінімум да канца другой дэкады месяца (прыкладна да 20-х дзён верасня. — Заўв. рэд.). На карце Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я, дзе можна паглядзець тэмпературную анамалію ў Еўропе з 9 да 16 верасня, відаць, што ўвесь гэты перыяд Беларусь афарбаваная ў чырвоны колер. Гэта пазначае дні з незвычайна цёплым надвор’ем. У цэлым гэты верасень чакаецца ў Беларусі значна цяплейшым за норму.
— Беларускі сіноптык Дзмітрый Рабаў прагназуе, што сярэднямесячная тэмпература паветра ў верасні чакаецца ўсяго на 1−2°С вышэйшай за кліматычную норму.
— Я б даваў больш смелыя прагнозы, арыентуючыся на перавышэнне нормы на 2−5°С, з высокімі шанцамі перабіць 2023 год (тады сярэдняя тэмпература паветра склала +16,2°С). Хоць канчатковы вынік будзе залежаць ад трэцяй дэкады месяца, якая можа ппрынесці пэўныя сюрпрызы ў надвор'і — напрыклад, пашырэнне грэнландскага холаду на ўсход у Еўропе, чым цяпер бачаць мадэлі.
На гэты момант на карце вышэй добра відаць, што сіняя зона выцягваецца з поўначы на поўдзень. Калі ў лічбах, то пры найбольш стрыманых ацэнках сярэдняя тэмпература верасня па краіне можа выйсці ў дыяпазоне +16…18°С.
— Чаго чакаць ад тэмпературы ў кастрычніку-лістападзе?
— Гэтыя месяцы таксама, відаць, варта чакаць цёплымі, бо ніякіх перадумоваў да істотных і працяглых халадоў у атмасферы Паўночнага паўшар'я пакуль не прасочваецца. Такога меркавання прытрымліваюцца і найбуйнейшыя сусветныя цэнтры доўгатэрміновых прагнозаў. З іх назіранняў, з верасня да лістапада сярэдняя сезонная тэмпература ў Беларусі прагназуецца на 0,8−1,5°С вышэйшай за норму.
— 4 верасня тэлеграм-канал «Надвор'е» пісаў, што антыцыклон «Квенцін» з ног на галаву паставіць усю атмасферную цыркуляцыю ў Еўропе і каля дзесяці дзён будзе пампаваць нам цяпло з Сярэдняй Азіі. Прычым пасля 10 верасня за халодным фронтам могуць апынуцца і Грэцыя з Балгарыяй, а Беларусь стане адной з самых цёплых краін на еўрапейскім кантыненце. Як доўга гэта працягнецца?
— Досыць магутны і маларухомы антыцыклон «Квенцін» сфармаваўся 2 верасня над паўночнымі раёнамі Скандынаўскага паўвострава і некалькі дзён прасоўваўся ў паўднёва-ўсходнім кірунку, узмацняючыся і пашыраючыся па тэрыторыі.
На раніцу 6 верасня цэнтр гэтага антыцыклону размяшчаўся над Архангельскай вобласцю Расіі. У наступныя дні ён павольна працягне дрэйф у паўднёва-ўсходнім кірунку. Пад яго ўплывам у начныя гадзіны стала прыкметна халадней, а днём за кошт яркага сонца тэмпература досыць камфортная. Уздзеянне антыцыклону і значная сутачная амплітуда тэмпературы (розніца паміж максімальнымі і мінімальнымі паказчыкамі за 24 гадзіны. — Заўв. рэд.) будуць назірацца да канца першай дэкады верасня.
У Беларусі самы цёплы перыяд у верасні чакаецца прыкладна з 8-га да 12-га. У гэтыя дні сярэднесутачная тэмпература можа перавысіць норму на 6−8°С. У якасці прыкладу можам разгледзець графік тэмператур у Мінску да 16 верасня ўключна. Ён паказвае, што ў горадзе будзе стабільнае цяпло з сярэднясутачнымі тэмпературамі каля +18…20°С, а максімальнымі ў асобныя дні да +26…28°С (рознымі колерамі на графіку паказаныя розныя мадэлі прагнозаў. Напрыклад, GFS, або GlobalForecastSystem, — гэта самая вядомая глабальная мадэль надвор’я, распрацаваная Нацыянальнай службай маніторынгу атмасферы і акіяна ЗША. Аналізуючы тое, якой будзе тэмпература, метэаролаг разлічваў яе, улічваючы звесткі па ўсіх графіках. — Заўв. рэд.).
Такія анамаліі ў названыя даты будуць таксама фіксаваць у суседніх краінах — у Літве, Латвіі, Украіне.
— Мы з вамі так шмат гаворым пра цяпло і даволі высокія тэмпературы, што хочацца спытаць, як доўга, скажам так, працягнецца лета сёлета?
— Варта перш за ўсё ўдакладніць, што, у адрозненне ад каляндарнага лета, якое, як мы ведаем, доўжыцца з чэрвеня да жніўня, існуе таксама метэаралагічнае, або кліматычнае. Для ўмераных шыротаў Еўразіі яго дамовіліся вызначаць як перыяд з устойлівымі сярэднясутачнымі тэмпературамі вышэй за +15°С. У адрозненне ад каляндарнага лета, яно цягнецца звычайна даўжэй.
У Беларусі пераход сярэднясутачных паказчыкаў тэмпературы да ніжэйшых за +15°С прагназуецца ў 20-х днях верасня. А значыць, лета можа працягнуцца да гэтага часу. Зрэшты, дата ўстойлівага пераходу праз +15°C у бок паніжэння адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна краіны. Зразумела, што ў паўночных абласцях яна надыдзе раней, а на поўдні — пазней на тыдзень-два.
— Ці могуць зноў пачаць квітнець дрэвы, кветкі? Як прырода будзе рэагаваць на цёплы верасень?
— Так, акурат анамальна высокая тэмпература ў канцы лета і ў верасні можа прыводзіць да парушэння фазаў развіцця некаторых раслін. Наймацней гэта заўважна на прыкладзе каштанаў, якія адначасова з ападаннем лістоты часам паўторна пачынаюць квітнець у канцы жніўня і ў верасні.
Часам можна заўважыць таксама паўторнае красаванне такіх раслін, як бэз, вішня, чарэшня. Дарэчы, схільныя да гэтай з’явы толькі неабарыгенныя віды, то-бок завезеныя з больш паўднёвых раёнаў. Напрыклад, каштаны — з Балканаў, бэз — з Ірана і гэтак далей. Іх феналагічныя фазы арыентаваныя больш не на працягласць светлавога дня, а на тэмпературны і вільготны рэжым.
— Раней ужо здараўся такі цёплы верасень? Якая звычайна тэмпература ў верасні?
— Апошнім часам верасні адчувальна пацяплелі. Акурат у мінулым, 2023-м, годзе першы месяц каляндарнай восені ў Беларусі аказаўся самым цёплым за 78 гадоў (сярэдняя тэмпература паветра склала +16,2°C). Да гэтага анамальна цёплымі былі 2018 і 2015 гады (у абодва гэтыя гады сярэдняя тэмпература паветра склала +15°С. — Заўв. рэд.). То-бок паўтаральнасць цёплых верасняў павялічваецца, і вельмі хутка.
Пры гэтым сярэднямесячная тэмпература ў верасні для большасці гарадоў краіны, згодна з кліматычнай нормай, складае на ўзроўні + 12…14°С. Аднак у 2023 годзе яна дасягала +16…18,5°С, што на 3−4,5°С вышэй за норму.
— Тое, што адбываецца цяпер — гэта выключэнне з правілаў ці нам трэба рыхтавацца да таго, што і верасень хутка стане летнім месяцам?
— Ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе тэмпы пацяплення клімату адны з самых высокіх, што асабліва відавочна ў летнія і зімовыя месяцы. Верасень ужо ў асобныя гады па сярэдніх паказчыках выходзіць летнім, са значэннямі тэмпературы вышэй за +15°С.
Улічваючы, што тэмпы змены клімату ўзрастаюць, падобную карціну мы зможам назіраць усё часцей. І калі сітуацыя не зменіцца, то праз некалькі дзясяткаў гадоў новыя кліматычныя нормы (а іх, паводле Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, пералічваюць кожныя 30 гадоў) будуць паказваць нам, што верасень можа стаць цалкам летнім месяцам. Прынамсі, на поўдні Беларусі.
Такім чынам, агульная працягласць безмарознага перыяду паступова павялічваецца, а колькасць дзён з устойлівым снежным покрывам зімой і адмоўнымі тэмпературамі скарачаецца.
Чытайце таксама