Расія за раніцу 29 снежня выпусціла па Украіне каля 110 ракет. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
— Радзільня, навучальныя ўстановы, гандлёвы цэнтр, шматпавярхоўкі і прыватныя дамы, камерцыйны склад, паркоўка. Кіеў, Львоў, Адэса, Днепр, Харкаў, Запарожжа і іншыя гарады. Сёння Расія біла амаль усім, што мае ў сваім арсенале: «Кінжалы», С-300, крылатыя ракеты, БПЛА. Стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі запускалі Х-101/Х-505. Прыблізна 110 ракет было выпушчана, большая частка збітая, — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Прэзідэнт выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых і паабяцаў перамагчы расійскі тэрор.
Паводле словаў спікера Паветраных сіл Украіны Юрыя Ігната, расіяне спачатку правялі разведку, запусціўшы «Шахеды», а потым ужо і ракеты.
— Фактычна ляцела ўсё. Мабыць [толькі] «Калібраў» не было. А так і «Кінжалы» мы бачылі, і балістыку, і С-300, крылатыя ракеты. Бачым выкарыстанне «Шахедаў», — заявіў Ігнат у эфіры тэлемарафону.
Паводле яго, крылатыя ракеты Х-101/Х-505 запускалі каля 18 стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў.
— Мішэнню была Украіна, бо столькі чырвонага на нашых маніторах, а чырвонае — гэта варожыя цэлі, ну вельмі даўно не было відаць. Усё было фактычна ў паветраных цэлях ворага. Ва ўсіх абласцях, па ўсіх напрамках, — падкрэсліў Ігнат.
Паводле звестак кіраўнікоў вайсковых адміністрацый, у Адэсе загінулі два чалавекі, параненыя — 15, у тым ліку дзеці 6 і 8 гадоў; у Львове адзін загінулы і 15 параненых; у Запарожжы — адзін загінулы (жанчына) і 10 параненых; вядома пра двух загінулых і 18 параненых у Кіеве; у Дняпры пяць загінулых і каля 20 пацярпелых; у Харкаве загінуў 35-гадовы мужчына, 11 чалавек атрымалі раненні.
Лічбы не канчатковыя, бо выратавальныя працы працягваюцца.